|
|
![]() |
/Спружыны прапаганды/
Юры Азаронак зрабіў з Лукашэнкі антыхрыста
Чарговы тэлевізійны праект Юрыя Азаронка нецікавы. Без імпэту, радасьці і бляску ў вачох. Нуднае буркатаньне дыктара пад кадры з чужых фільмаў – і вялае выкрыцьцё ворагаў. На вялікі ідэалягічны жаль, з кожнай палітычнай кампаніяй губляецца тонус.
Але тэлепраграма «Духоўная вайна» дэманструе поўную крызу шавінізму – і дазваляе такія намёкі, пра якія лепей не заікацца.
На пачатку карціны жанчына стамлёна-сталёвымі сьпевамі папярэджвае публіку пра «духоўную вайну за права быць Хрыстом» (!). Фарысеі з «хрыстапрадаўчага» фільму Мэла Гібсана нападаюць на Хрыста (мясныя сцэнкі дадаюцца). Як сьцвярджаюць аўтары перадачы, фарысеі – гэта інтэлігенты-разбуральнікі. І «духоўная вайна» Хрыста з фарысеямі працягваецца да нашых часоў.
Троцкі, Ленін ды іншыя рэвалюцыянэры з падозраным паходжаньнем ёсьць «сэктаю фарысеяў». А Сталін, які загнаў рэвалюцыянэраў у лягеры, ёсьць збаўца. І хаця «бацька народаў» анідзе не называецца мэсіяй – паказаны ён менавіта такім: змагар з супастатамі, абаронец хрысьціянства. Іншыя злыдні з фарысейска-«кукурузнымі» тварамі «укрыжавалі» мэсію-Сталіна [1].
Пасьля праклёнаў Хрушчову і перабудоўнікам (кадры зь Якаўлевым, Шушкевічам, Ельцыным у справе маюцца) [2] – наступае апатэоз афіцыйнае стужкі. «Фарысейская Амэрыка» на чале зь сямейкаю Буша прыпасае цьвікі для найгалоўнейшай пэрсоны «духоўнай вайны» – сьціплай, вусатай і такой дарагой.
Але мудры беларускі народ (з дапамогаю Азаронка) выкрывае ворагаў і гуртуецца вакол Аляксандра Рыгоравіча...
У фільме бязладна панамешаныя кадры з царскімі дочкамі, Віскулёўскімі пагадненьнямі, Галгофай – і тутэйшым Мэсіяй на жытнёвым полі.
Але гледача грызуць сумневы. І не мастацтва, якое ў карціне адсутнічае, таму віной. «Права быць Хрыстом» (чым і займаюцца станоўчыя героі «Духоўнай вайны») – не пераймаць Хрыста, не зьвяртацца да Яго, не дзякаваць Яму, а менавіта «быць» – гэта што?
Заўжды лічылася, што Хрыстос – толькі адзін. А на права «быць» Ім прэтэндуюць, ну, вельмі адмысловыя пэрсанажы.
Дакладней, адзін...
Натуральна, Юры Азаронак, узнагароджаны за «Касьпіралёгію», зусім не хацеў паказаць найлепшага прэзыдэнта Антыхрыстам – ці, прынамсі, ілжэмэсіяй.
Так атрымалася...
У абарону рэжысэра трэба сказаць, што ня ён першы, хто з дапамогай намёкаў дыскрэдытуе самых высокіх асобаў. Сяргей Эйзэнштэйн у карціне «Кастрычнік» выкрываў Леніна, як чорта: ноч, сьцяг, як крыло кажана, гульні з тытрамі (няграматныя бальшавікі намёкі праглынулі).
Але масон Эйзэнштэйн (разанкрэйцэрам ён стаўся ў Менску) [3] правакаваў сьвядома. Сучасная прапаганда выстаўляе на выкрыцьцё і посьмех «самае каштоўнае» – бязладна, упохапкі і зусім несьвядома...
І ў гэтым усім такая туга, нуда й цягамоціна, такая цяжкая стомленасьць і незамаскаваная роспач, якую і агоніяй назваць цяжка.
Магчыма, я памыляюся дый недачуў, і ананімная сьпявачка заклікае да права быць «з Хрыстом». Але ўвесь лад перадачы й яе «зламаны» настрой не пакідаюць аніякай надзеі – ні прапагандзе, ні рэжыму.
1. Выстаўляць Сталіна мэсіяй, якога загубілі «жыдамасоны», становіцца добрай традыцыяй беларускае тэлевізіі (можна прыгадаць фільм пра «Генэралісімуса»). Да «фільмаў» дадаецца й літаратурны «Запавет Сталіна» Эдуарда Скобелева.
2. Анатэма Ельцыну выглядае надзвычай кранальна, з улікам нядаўняга юбілею, на які быў запрошаны Лукашэнка.
3. Пра гэту падзею Эйзэнштэйн з іроніяй піша ў лістах і мэмуарах. (Гл., напрыклад, разьдзел «Le bon Dieu» у кнізе: С.М. Эйзенштейн «Мемуары. Том 1», М., 1997.). А кампанию Эйзэнштэйну складаў актор Міхаіл Чэхаў.
Другие публикации автора
Открыть лист «Авторы : публикации
|
|
||||||||
Статистика |
||||||||