| |
Як стварыць навуковую тэорыю і атрымаць навар
Парады гуманітарыям-пачаткоўцам
04.07.07Андрэй Расінскі
- Адкрыйце падручнік па сэксапаталёгіі. Ткніце ў першы-лепшы тэрмін, выпішыце ўсе ягоныя прыклады. Прадумайце, якая сацыяльная група і як заціскаецца паводле гэнае зьявы.
- Узбагаціце зьяву гуманітарным спасылкамі (Фуко і Лякан абавязковыя, можна дадаць крыху Гайдэгера).
- Памятайце! Усе тлумачэньні вашай тэорыі мусяць зводзіцца да адной і толькі адной абранай прычыны. (Усе тэорыі засноўваюцца толькі на двух сьцьверджаньнях: «Усё дзеля карыта!» і «Усё дзеля сэксу!» Скамбінуйце гэтыя высновы на свой капыл.) Не забывайце словаў: дыскурс, рэсурс, дыскрымінацыя – навуковыя назвы для «карыта» і «юру».
- Калі мясцовыя абарыгены будуць абурацца, што вы пішаце выключна на рускай (ангельскай) мове, адшыйце іх: тутэйшая мова не прыстасаваная для высокіх тэорый – і ня здольная зьмясьціць гендэрфрыксубстытуцыю і квазімастурбзапінгляцыю. Падмурак вашай тэорыі закладзены. Вы ў «кантэксьце».
- (Тэрмінова бяжыце атрымліваць грант). – Апэрацыя пэрыядычна паўтараецца на ўсіх стадыях.
- Абараніце дысэртацыю, дзе праз прызму сацыяльнай клізмафіліі ці ацэфальна-вэнтральнага фратэрызму растлумачыце шэраг звычайных твораў. (Бяжыце атрымліваць грант).
- Прааналізуйце такім чынам – знакавыя творы, слынныя падзеі, палітычную практыку й жыцьцё знакамітых людзей. Выпусьціце скандальную кнігу, дзе раскажыце ўсім, што Н. быў падпольным ультрафэтабатанафілам, а стоены сэнс твора М. – сэксасхізадэрыдафобія. (Бяжыце атрымліваць грант).
- Зрывайце пакровы! Ва ўсім і паўсюль шукайце схаваныя злосьнікамі сэнсы. Выкрывайце нядобразычліўцаў, як лятэнтных мірмікапэдазаафілаў і пасыўных нэкрафілаў на постлюстэркавай стадыі.
- Абараняйце ад дыскрымінацыі Taeniarhynchus saginatus, Variola major і Buffo Buffo. (Бяжыце атрымліваць грант).
- Выхавайце вучняў, адмыслоўцаў па бартксенатрансфіліі і гегемонаімагафобіі, расстаўце іх на ключавыя пасты. (Бяжыце атрымліваць гранты).
- Узначальце Стратэгічны Інстытут Дыскрымінацыйна-Дыскурснай Рэсурснай паталёгіі.
- Цяпер размовы пра дыскрымінацыю можна спыніць. Але куды падзець дыскурс?
Другие публикации автора
|