На беларускіх экранах расейскае кіно пачынае выцясьняць амэрыканскае.
Пасьля крызы 90-ых колькасьць суседзкіх фільмаў заўважна павялічылася,
адладжаны іхні пракат, расейцы старанна пераймаюць галівудзкія ўзоры.
Але чаму глядзець які-небудзь амэрыканскі баявік цікава, а ўдарнае расейскае
кіно выклікае пазяханьне? Чаму “Код Апакаліпсісу” ці “Мяса” (Жесть) нудныя ўжо
на ўзроўні ролікаў? Чаму перайманьне выглядае штучным?
Справа ня ў кадравым голадзе – працуюць расейскія кінашколы, выходзяць кіначасопісы,
пашыраюць сваю дзейнасьць тэлеканалы.
Нельга казаць і пра адсутнасьць кінатрадыцый. З 20-ых гадоў Расея ўвайшла ў шэраг
кінадзяржаў - і адметная аўтарскім кіно. Але й жанравае кіно не было забытае
(фільмы Аляксандрава, Гайдая, Матыля й Мяньшова).
Дый перайманьне раней праходзіла плённа. Эйзэнштэйн, Куляшоў, Пудоўкін вучыліся
на творах Дэйвіда Ўорка Грыфіта, а рэвалюцыйныя ФЭКСы (Козінцаў, Траўбэрг, Юткевіч)
абвяшчалі “амэрыканізацыю”.
Падкрэсьліваюць, што расейскае кіно “сталася патрыятычным”. Але амэрыканскае
масавае кіно – бязьлітасны гімн амэрыканскаму ладу жыцьця. Абавязкова ёсьць
сям'я й яе каштоўнасьці, абавязкова маецца на ўвазе Бог (як справядлівы судзьдзя),
абавязкова прамільгне ў кадры амэрыканскі сьцяг.
Але, як бы да Амэрыкі ня ставіліся, галівудзкае кіно нарасхват. Яго глядзяць
у Расеі і Беларусі, у Швэцыі й Ірляндыі, у камуністычным Кітаі й тэакратычным
Іране. І нават “Дзень незалежнасьці” Роланда Эмэрыха, дзе амэрыканскі прэзыдэнт
узначальвае паветраныя сілы Зямлі супраць іншаплянэтнікаў - ня выклікае нуды.
А вось на якісьці “07 мяняе курс” не загоняць нават расейскіх школьнікаў.
Амэрыканскае масавае кіно – гэта адкрытае кіно ў адкрытай прасторы. Расейская
“патрыятычная” вытворчасьць – гэта кіно ізаляцыянізму, якое ёсьць цалкам
лякальнай зьявай. Пазычаюцца прыёмы й формы, але натужліва-пустыя пасланьні “1612”
і “Антынаркаты” (Антидури) не кранаюць.
У галівудзкім кіно ёсьць унівэрсальны чалавек, які дзейнічае. Можна атаясаміцца
з былым паліцэйскім, які хвалюецца за скрадзеную дачку, паспачуваць хатняй гаспадыні,
якая згубіла мужа, зьлякацца з падлеткам, які знайшоў закінутым доме нештака
страшнае. “Патрыятычныя знакі” ня ёсьць зьместам амэрыканскіх карцін, яны зьяўляюцца
самі сабой – як звыклыя абставіны.
Зьмест пуцінскага масавага кіно – “патрыятычны знак”. Трэба спачуваць “дзяржаўнасьці”,
хвалявацца за “імпэрскую ідэю” і гушкацца з “саборнасьцю”. Не чалавек, а мундзір,
не герой, а пасада, не ўласная воля, а чыноўная служба.
Спасылкі, што амэрыканцы – індывідуалісты, а рускія – “саборныя” –
не пасуюць. Японія, Кітай, Карэя – краіны з канфуцыянскай (калектывісцкай!)
культурай. Але японскія жахі й баевікі, ганконскія фільмы кун-фу, жорсткія карэйскія
стужкі пераўзыходзяць “Антыкілераў”, “Ваўкалакаў”, “9 роту” і “Турэцкі гамбіт”.
У “баявых манахаў Шааліню” і “сямі самураяў” свой статут гонару і свая аўтаномія –
якой няма ў “Стацкага дарадцы”. Расейскія пэрсанажы ня маюць уласнае волі, акрамя
волі крамлёўскіх інстанцый, яны падпарадкоўваюцца, але (як і рэжысэры) –
ня вераць таму, чаму служаць.
Нават адмысловыя эфэкты ў “Дазорах” – гэта не забава для гледача, а сур'ёзная
ідэалягічная справа: паказаць, якая Расея “крутая” і таксама можа.
Мэта ізаляцыянісцкага кіно – шыхтаваць, мацаваць, абараняцца ад (заходніх)
ворагаў з дапамогай чужых прыёмаў і чужой зброі. Але галівудзкія гарматы ў крамлёўскіх
руках пазбаўлены “коду доступу” – і ўзламаць яго немагчыма.
На бадзёра-бязрадасным суседзкім фоне беларускае кіно выглядае яшчэ горш. Гэта
ізаляцыянісцкія фільмы, “замкнёныя” нават ад уласнай кінагісторыі.
Нэасталінскую “Радзіму альбо сьмерць” саромеюцца паказваць у кінатэатрах, чаргінцоўскае
“Вам заданьне” зрабіла бы фурор на любой сьметніцы – але яно не патрэбнае
нават чыноўнікам.
Каб пазбавіцца ад ізаляцыі – трэба адкрыцца чалавеку.
Обсудить публикацию
Другие публикации автора Андрэя
Расінскага