Аналитическая группа НМ совместно с БДГ-онлайн
|
Подласьць без алібі28.04.08
У сеціве абмяркоўваць, што
скажуць судзьдзі, якія засудзілі
бязьвінных дзяцей, дзецям уласным. Як паглядзяць ім у вочы і ці знойдуць,
увогуле, словы?
Аматар
Мураўёва-вешальніка такія словы знайшоў:
– Яны разумеюць, што
рэвалюцыя НЕ адбудзецца, калі не даваць ёй адбыцца. Менавіта гэтае яны й
робяць. «Што яны будуць гаварыць сваім дзецям?»– Як гэта што? Што выратоўвалі
краіну ад…(патрэбнае падставіць).
Судзіць бязьвінных –
подла. Подла – поўзаць перад дыктатарам і наступаць на горла сумленьню.
Подла служыць мане.
Подласьць заўжды сабе
знойдзе алібі.
І толькі праўда –
безабаронная. Подласьць звычайная,
распаўсюджаная – і пасіўная гаворыць, што «ўсе так робяць», «што я магла?», «мне дзяцей карміць
трэба», «мне загадалі».
Подласьць актыўная гэтым
не абмяжоўваецца. Яна знаходзіць сабе балвана-людажэра, на якога моліцца і ў
якім шукае аховы. Гэты балван – «расавая ідэя», імпэрыя, якая дохне ці «шчасьце
агульнага камунізму».
Гітлер – перад
магілай – не прызнаў уласных правінаў, крычаў у тастаменце пра жыдоў і
заклікаў да новай разьні. Сталін палохаў паплечнікаў вайною, калі «бацькі
народаў ня стане», а Мао Цзэдун захапляўся зьнішчэньнем філёзафаў даўнішнім
імпэратарам.
Подласьць актыўная – кат, які ганарыцца сваімі забойствамі; і жыцьцё подласьці магчымае толькі, як быцьцё ката. Як шанаваньне ката, пеставаньне ката, пакланеньне кату, як гадаваньне катаў-нашчадкаў. І сёньня ў нас пануюць
нашчадкі катаў.
Толькі нельга будаваць трывалы дом на ілжы і гвалце. Чым
мацней ціснуць, тым верагодней сарваць разьбу – ажно, каб гаспадар чыноўных марыянэтак пайшоў
паўтараць апошнія подзьвігі Чаўшэску (чаго, шчыра кажучы, зычыць ня варта).
А несумленныя судзьдзі дзецям сваім нічога не скажуць. Які гонар для ціхае подласьці выглядаць гнюснай прыстасаванкаю? Навошта выхваляцца гнуткасьцю паўзуновых сьпінаў
і рукамі па локці ў лайне?
Ну, а подласьць «з
гонарам», у лепшым выпадку, паўторыць лёс Мураўёва-вешальніка. Яго і пры жыцьці не
шанавалі – а па сьмерці, увогуле, пазабылі. Былым гаспадарам ён і блізка ня трэба, а краіна, дзе ён
шчыраваў, яго пракляла.
Сама «бязьвінны» судзьдзя
ўсіх часоў і народаў Понцій Пілат, які «нічога не мог», баяўся балвана-кесара і
выслужваўся перад імпэрыяй, таксама лічыў, што знайшоў сабе грунтоўнае алібі.
Нават рукі публічна мыў. Але гэта, наўрад ці, дапамагло яму ў гэтым жыцьці, а
тым болей – у іншым.
Заканамерны вынік для
подласьці. І адсутнасьць для яе ўсялякага алібі.
|
|
© 2003-2008 «Наше Мнение» Комментарии. Материалы виртуального клуба экспертов. Встречи. Мониторинг прессы Публикация писем читателей не означает согласияавторов проекта © дизайн сайта | matepuana.com |